Адкрыты дыстанцыйны культурна-асветніцкі марафон «Час вымяраецца памяццю»

02.02.2022

Навукова-метадычная ўстанова «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь запрашае прыняць удзел у адкрытым дыстанцыйным культурна-асветніцкім марафоне «Час вымяраецца памяццю», які накіраваны на захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Мерапрыемства прымеркавана да Года гістарычнай памяці.

Дыстанцыйны марафон дае магчымасць удзельнікам прадставіць на старонках нацыянальнага адукацыйнага партала гісторыка-культурную спадчыну свайго роднага кутка, мясцовасці, рэгіёна. 

Асноўныя задачы мерапрыемства:

  • захаванне гістарычнай памяці сваёй краіны;
  • выхаванне ў вучняў грамадзянскасці і патрыятызму;
  • знаёмства з унікальнай спадчынай і традыцыямі розных рэгіёнаў Беларусі;
  • падтрымка творчых ініцыятыў;
  • спрыянне развіццю інфармацыйнай культуры ўдзельнікаў марафону. 

Да ўдзелу ў марафоне запрашаюцца вучні I–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама ўсе зацікаўленыя (педагогі, законныя прадстаўнікі (бацькі) і інш.).

З мэтай реалізацыі мерапрыемства на нацыянальным адукацыйным партале адкрыты раздзел для публікацыі творчых праектаў (работ). Удзельнікам марафону даецца магчымасць падзяліцца на старонках партала сваімі праектамі па наступных намінацыях:

  • «Шляхам гісторыі» – віртуальны альбом электронных або аўдыявізуальных даведнікаў, пуцевадзіцеляў па славутых мясцінах, гістарычных маршрутах, музеях; тапаграфічных схем (карт) з пазначанымі гісторыка-культурнымі аб’ектамі і іх апісаннем; фота-, відэарэпартажаў аб падарожжы.
  • «Гістарычны хранограф» – прадстаўленне культурных падзей, фактаў, дат, звязаных з рэгіёнам (нарысы, замалёўкі, эсэ, апавяданні, іншыя літаратурна-мастацкія, публіцыстычныя тэксты; мастацкія фатаграфіі, фотапрэзентацыі, відэаматэрыялы; творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, скульптуры, дызайну і г. д.).
  • «Гістарычная прастора» – віртуальны альбом праектаў ці асобных прапаноў па добраўпарадкаванні прыродных і гісторыка-культурных аб’ектаў, фота-, відэасправаздачы з апісаннем самога аб’екта ці наладжанай акцыі.
  • «Гісторыя ў асобах» – знаёмства з самабытнай асобай (калектывам) (эсэ, нататкі, сачыненні, уражанні, вершы, апавяданні іншыя літаратурна-мастацкія, публіцыстычныя тэксты; мастацкія фатаграфіі, фотапрэзентацыі, відэаматэрыялы).
  • «Наша Спадчына» – віртуальны альбом фальклорна-этнаграфічных твораў, якія адлюстроўваюць жыццё, каштоўнасці, побыт беларускага народа (песні, прыпеўкі, паданні, казкі, танцы, абрады і інш.); фларыстычных работ (букетаў, кампазіцый, пано, калажаў) з разнастайных прыродных матэрыялаў (кветак, лісця, траў, ягад, пладоў, арэхаў і інш.), пры жаданні праекты могуць быць праілюстраваны цытатамі з літаратурных твораў; вырабаў беларускіх рамёстваў, якія дэманструюць непаўторнасць традыцыйнай нацыянальнай культуры (вырабы з саломкі і тканіны, цацкі, ганчарнае мастацтва, роспіс, разьба па дрэве, беларускі народны касцюм і інш.); твораў выяўленчага мастацтва (скульптура, жывапіс, графіка, фотамастацтва, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інш.). 

У кожнай намінацыі прымаюцца асобныя работы або тэматычныя цыклы, выкананыя ў розных тэхніках і пераведзеныя ў электронны фармат, а таксама матэрыялы, створаныя сродкамі сучасных інфармацыйна-камунікацыйных (ці медыя-) тэхналогій. 

Праекты (творчыя работы) прадстаўляюцца не больш чым у адной намінацыі (на выбар) на беларускай ці рускай мовах як асобнымі ўдзельнікамі, так і аўтарскімі калектывамі.

Якасць творчых праектаў (работ) павінна пацвярджацца рэкамендацыяй метадычнага аб'яднання па вучэбным прадмеце ці намесніка дырэктара ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Работы з граматычнымі памылкамі публікавацца не будуць. 

Тэрмін правядзення марафону: люты  кастрычнік 2022 года.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымаюць электронныя сертыфікаты.

Для ўдзелу ў марафоне неабходна падаць заяўку па ўстаноўленай форме і накіраваць разам з ёй творчую работу і рэкамендацыю з установы адукацыі на электронны адрас: adumetod@adu.by з абавязковай пазнакай у тэме пісьма «Адкрыты дыстанцыйны культурна-асветніцкі марафон „Час вымяраецца памяццю“». Сваёй заяўкай удзельнік пацвярджае аўтарства работы і згоду з умовамі правядзення мерапрыемства. Заяўкі, аформленыя не ў адпаведнасці з патрабаваннямі і дасланыя несвоечасова, разглядацца не будуць. 

Запрашаем прыняць удзел у марафоне!

Метадычную і тэхніка-тэхналагічную падтрымку мерапрыемства забяспечвае ўпраўленне дыстанцыйных адукацыйных паслуг НІА.

Кантактная інфармацыя:

220004, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Караля, д. 16, каб. 219;
тэлефоны: +375 17 358 63 91,
                  +375 17 318 42 71,
                  +375 17 200 51 27;
e-mаil: adumetod@adu.by;
Г. М. Юсцінская, І. У. Борычава,
В. А. Ганчарык, В. П. Васілевіч.

поделиться в:
Ещё в этом разделе